?

Log in

No account? Create an account
Скорбящий под Солнцем

Могілкі Беларусі

Кладбища Беларуси

Previous Entry Share Next Entry
Гісторыя помніка-эпохі з Кальварыйскіх могілак.
Несвиж
dmitrij_kr wrote in by_mohilki


На сайце «Наша Ніва» быў апублікаваны цікавы артыкул аб мінскіх Кальварыйскіх могілках, у якім краязнаўца Павел Дзюсекаў распавядаў журналісту пра выбраныя помнікі на ім. Вельмі прыгожы і цікавы манумент, на які звярнуў увагу сп. Дзюсекаў стаіць на магіле Марыі Віткоўскай з Янчэўскіх. Ён называе яго “помнікам-эпохай” і самым трагічным помнікам. І сапраўды пэўная рацыя ў гэтым ёсць. А вялікая праўда ёсць у тым, што за такімі помнікамі хаваюцца лёсы і постаці людзей, глыбока і спрадвечна звязанных з беларускай зямлёй, яе гісторыяй, падзеямі традыцыямі. Таму важна, так бы мовіць, “ачалавечыць” гэты помнік, напоўніць яго фактамі жыцця асабістага і сямейнага лёсу той, хто пад ім спачывае.
З тэксту артыкула “Нашай Нівы” вынікае, што краязнаўца Павел Дзюсекаў пакуль яшчэ не надта знаёмы з асобай Марыі Віткоўскай. Што ж, давайце крыху разгадаем гэтую загадку, і дадзім колькі сведчанняў аб асобах, чые сляды дагэтуль засталіся ў велічных гранітных абелісках на Мінскіх могілках.
Марыя паходзіла з шляхецкага роду Янчэўскіх гербу Ястрабец, які атрымаў сваё прозвішча ад вёскі Янчава, што Плоцкім ваяводстве Польшчы. Гэты род меў шмат разгалінаванняў, адно з якіх вяло і ў Вялікае княства Літоўскае. Аднак вялікімі магнатамі на Літве Янчэўскія не зрабіліся і займалі на вялікакняжацкай службе адносна сціплыя пасады павятовых суддзяў, каморнікаў, войтаў а некаторыя і парафіяльных святароў. Пасля мерапрыемстваў па т.зв. разбору шляхты пасля паўстання 1831 года род Марыі (як, дарэчы, і шмат іншых) нават не здолеў давесці расійскім уладам сваё шляхецтва, і быў вымушаны лічыцца гэткім толькі негалосна. Афіцыйна ж яны лічыліся мяшчанамі ці нават сялянамі. Месцам жыхарства Янчэўскіх у 19 стагоддзі было мястэчка Ракаў, але потым, ужо ў 20 стагоддзі яны здолелі набыць сабе ўласны фальварак Дудкі (сучасная в. Дудка) пад Івянцом. Цікава, што Марыя Янчэўская магла б нарадзіцца ў праваслаўнай сям’і, калі б не стойкасць яе бацькоў у каталіцкай кафесіі. У 1868 годзе настаяцель ракаўскай праваслаўнай царквы Якаў Мацкевіч загадаў, каб будучыя бацька і дзед Марыі – Юл’ян і Людвіг Янчэўскія – кожную суботу і нядзелю дастаўляліся да яго для пераконвання ў неабходнасці пераходу ў праваслаўную веру. Гэта было выклікана тым, што Янчэўскія лічыліся ў Ракаве сям’ёй выключна “неблаганадзейнай” з пункту гледжання расійскіх уладаў, якія ў той час пасля паўстання 1863-64 гадоў нястомна вышуквалі ў краі рознага кшталту “врагов отечества”. Паводле рапарта ваеннага начальніка Мінскага павета М.Бальшова ад 1866 года, Янчэўскія вылучаліся сваім “фанатызмам, нянавісцю да ўсяго рускага і палітычнай нядобранадзейнасцю”. Будучы бацька Марыі Юл’ян Янчэўскі быў нават раней аштрафаваны на 25 рублёў за нейкае “спакушэнне праваслаўных”. Таму і былі прыдуманыя ўладамі такія дзіўныя штотыднёвыя сустрэчы з праваслаўным святаром, аднак, відавочна, што ён Янчэўскіх так і не пераканаў.


Родавы герб Янчэўскіх "Ястрабец"

Але ўсе гэтыя праблемы былі яшчэ невялікім ліхам у параўнянні з тым, што давялося перанесці сям’і яе будучага мужа Вінсэнта Віткоўскага. Усю сям’ю ягонага бацькі шляхціча Менскай губерні Антонія Віткоўскага за падтрымку паўстання 1863 г. выслалі ў горад Тара, што ў сучаснай Омскай вобласці Расіі. Вінсэнту Віткоўскаму было у той час крыху больш за 20 гадоў. Толькі ў самым канцы стагоддзя, ужо ў пачцівым узросце за 50 гадоў Вінсэнт здолеў вярнуцца на радзіму, сустрэў тут Марыю Янчэўскую, якой было толькі крыху за 25, ды ажаніўся з ей. У сям’і Вінсэнта і Марыі нарадзілася шасцёра дзяцей – Юзэфа (1900), Марыя (1902), Агнешка (1904), Антоній (1905), Ядвіга (1909) і Алена (1911). Відаць, стомленая такімі частымі шматлікімі родамі жанчына занядужала і памерла ў 1914 годзе. І была пахаваная пад сценамі мінскага Кальварыйскага храма.
Павел Дзюсекаў ва ўзгаданым артыкуле пытаўся, а што ж яе муж? Дык вось, яе муж, нягледзячы на тое, што яму было на той час за 70 гадоў, ажаніўся з малодшай сястрой Марыі Антанінай Янчэўскай! Праўдападобна, каб яму было лягчэй гадаваць дзетак, сярод якіх былі і даволі яшчэ малыя.
Як вядома, у краіне на той час віравала Першая сусветная вайна. Нягледзячы на тое, што немцы ў той час адносна талерантна ставіліся да мясцовага насельніцтва, менавіта ад нямецкіх рук у той вайне загінуў бацька Марыі Янчэўскай, які на тры гады перажыў сваю дачку. Што з ім здарылася дакладна – невядома, мо надта супраціўляўся рэквізіцыям ад нямецкага войска?...
А ў 1919 годзе загінулі ужо ад рук бальшавікоў Вінсэнт і Антаніна Віткоўскія. Над імі не злітаваліся, палічылі “польскімі буржуямі”, нягледзячы нават на дзяцей і тое, што Вінсэнту было ўжо пад 80 гадоў. І пахаваць іх на загадзя падрыхтаваным месцы на Кальварыі не было каму, ды і не выдавалі родным целы з тагачасных чэкісцкіх засценкаў. Малодшых дзяцей Вінсэнта і Марыі накіравалі ў дзіцячы дом, а старэйшыя здолелі ўцячы ды прыядналіся да польскага войска.
Мы сапраўды не ведаем, як выглядала Марыя Віткоўская з Янчэўскіх пасля таго, як вандалы апаганілі яе помнік. Але мы можам убачыць як выглядалі яе дачкі. На гэтым фотаздымку мы бачым, адпаведна злева направа, Марыю, Юзефу і Агнешку Віткоўскіх.



Марыя Віткоўская ў будучыні стане жонкай славутага навукоўца-матэматыка Альфрэда Тарскага, які з’яўляецца адной з найбольш выдатных постацей у навуцы ЗША і, бадай што, усяго свету! Дарэчы, і іх сын (унук Марыі з Янчэўскіх) Ян Тарскі таксама стаў выбітным навукоўцам фізікам, прафесарам універсітэта ў Сан-Дыега, а дачка Іна стала жонкай таксама вядомага матэматыка Анджэя Эрэнфехта.
Юзэфа Віткоўская (на фота ў цэнтры) стала жонкай Баляслава Загорскага (мужчына на фота), шляхціца з Вілейскага павета, таксама выгнанага са сваёй зямлі бальшавікамі. Баляслаў быў паэтам і публіцыстам, падчас вайны з бальшавікамі ён працаваў у польскім вайсковым штабе, а пасля вайны стаў загадчыкам аддзелу перыядычных друкаў у Варшаўскай бібліятэцы. Ён загінуў трагічна і недарэчна: праваліўся скрозь шкляны дах сваёй бібліятэкі, калі намагаўся выявіць у ім працечку. На руках у Юзефы застаўся іх маленькі сын.
Нашчадкі Марыі Віткоўскай з Янчэўскіх дагэтуль жывуць у Амерыцы і ў Польшчы. Апошняя з яе дачок, Марыя, памерла ў 1990-м годзе. Магчыма, хтосьці зможа калі-небудзь іх адшукаць, распавесці пра помнік. Можа быць у каго небудь з нашчадкаў у сямейным архіве захоўваецца фота іх пахаванай ў Мінску бабулі, і можна будзе зрабіць для помніка новы медальён. І тады цудоўным чынам мы даведаемся, як выглядала Марыя Віткоўская, пра лёс сям’і якой мы ўжо крышачку ведаем.